|
Фотадакументальная экспазіцыя «Хатынь» адкрыта ў ліпені 2004 года да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Матэрыялы і дакументы экспазіцыі расказваюць аб бязвінных ахвярах Другой сусветнай вайны, развязанай германскім фашызмам у імя ажыццяўлення утапічнай ідэі панавання над светам.
Масавае знішчэнне грамадзянскага насельніцтва акупіраваных краін з мэтай «пашырэння жыццёвай прасторы для арыйскай расы» – самая страшная старонка гэтай вайны.
Жанчыны, дзеці, старыя гінулі пад кулямі, на віселіцах, гарэлі ў агні … 260 месцаў масавага знішчэння людзей сталі сумнай рэальнасцю на карце Беларусі.
Матэрыялы першай залы расказваюць пра пачатак Другой сусветнай вайны, пра акупацыю краін Еўропы і пра напад на Савецкі Саюз.
Другая зала экспазіцыі прысвечана Хатыні, Трасцянцу, Азарычам – сімвалам трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аб гісторыі стварэння і дзейнасці мемарыяльнага комплексу «Хатынь» – экспазіцыя трэцяй залы.
У выставачнай зале экспануецца серыя аўталітаграфій народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча «Памяці вогненных вёсак» (Дзяржаўная прэмія 1986 года).
Мастацкая канцэпцыя фотадакументальнай экспазіцыі: Э.К.Агуновіч, заслужаны дзеяч культуры, член Беларускага саюза мастакоў; У.Д.Кандрацьеў, член Беларускага саюза мастакоў.
Дызайн і выкананне: У.Д.Кандрацьеў.
|