|
ТРАСЦЯНЕЦ
Буйнейшым лагерам смерці на тэрыторыі Беларусі быў Малы Трасцянец, створаны СД у наваколлі Мінска. У Трасцянцы фашысты знішчалі мірных жыхароў, ваеннапалонных, грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці з Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі.
Канцэнтрацыйны лагер быў створаны восенню 1941 года. Назва «Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў; уласна лагер —побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска па Магілёўскай шашы; урочышча Шашкоўка — месца масавага спалення людзей.
Масавыя расстрэлы зняволеных чыніліся ва ўрочышчы Благаўшчына.
Расстрэльвалі каля зараней падрыхтаваных доўгіх равоў, трупы закопвалі і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам.
Восенню 1943 года, калі стаў відавочны вынік вайны, гітлераўцы пачалі знішчаць сляды сваіх злачынстваў. Асобая каманда СС, карыстаючыся працай вязняў Мінскай турмы, раскапала і спаліла ў лістападзе — снежні 1943 года каля 100 тыс. трупаў расстраляных ва ўрочышчы Благаўшчына людзей. Жыхары бліжэйшых вёсак павінны былі даставіць да прызначанага месца некалькі тысяч кубаметраў дроў.
У ліпені 1944 года Мінскай абласной камісіяй садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ў час правядзення расследаванняў злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Благаўшчыне былі знойдзены 34 ямы-магілы. Некаторыя з іх дасягалі ў даўжыню 50 метраў. Калі ўскрылі некалькі магіл, на глыбіні трох метраў знайшлі абвугленыя чалавечыя косці і слой попелу таўшчынёй ад 0,5 да 1 метра.
У 34 ямах-магілах урочышча Благаўшчына пахавана 150 тысяч чалавек.
Шашкоўка
Восенню 1943 года за паўкіламетра ад вёскі Малы Трасцянец гітлераўцы пабудавалі печ для спальвання трупаў расстраляных людзей. Яна ўяўляла сабой выкапаную ў зямлі яму з пакатым падыходам да яе. На дне ямы былі пакладзены паралельна шэсць рэльсаў даўжынёй 10 метраў, зверху рэльсаў – жалезная рашотка. Месца, дзе знаходзілася печ, было абнесена калючым дротам і ахоўвалася. Да печы быў зроблены спецыяльны спуск для аўтамашын. Ахвяр дастаўлялі або ў крытых грузавіках, спецыяльна абсталяваных для забойства людзей газам ("душагубках"), або на адкрытых машынах з прычэпамі. Печ працавала штодзённа.
У печы ва ўрочышчы Шашкоўка было спалена 50 тысяч человек.
Малы Трасцянец
У канцы чэрвеня 1944 года, за некалькі дзён да вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй, на тэрыторыі лагера Трасцянец ў былым калгасным гумне было расстраляна, а потым спалена 6500 зняволеных, прывезеных з турмы па вуліцы Валадарскага і лагера па вуліцы Шырокай горада Мінска.
Усяго ў Трасцянцы фашысты замучылі, расстралялі, спалілі звыш 206 500 грамадзян.
|