русская версия      English version      Deutsch Version

Палітыка генацыду

   Версія для друку

Дзённікавыя запісы, данясенні і справаздачы, знойдзеныя ў архівах, сведчаць аб страшэнных злачынствах гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Обер-яфрэйтар вермахта Яганэс Гердэр пісаў у сваім дзённіку ў першыя месяцы жыцця на беларускай зямлі:
«25 жніўня. Мы кідаем гранаты ў жылыя дамы. Дамы вельмі хутка гараць. Агонь перакідваецца на іншыя хаты. Прыгожае відовішча! Людзі плачуць, а мы смяёмся над іх слязамі. Мы спалілі такім чынам ужо вёсак дзесяць.
29 жніўня. У адной вёсцы мы схапілі першых 12 жыхароў і адвялі на могілкі. Заставілі іх капаць сабе прасторную і глыбокую магілу.
Славянам няма і не можа быць ніякай літасці. Праклятая гуманнасць нам чужая».

Беларусь. 1941-1944 гг. Гітлераўцы спальваюць беларускія вёскі.

Характэрным для палітыкі генацыду і "выпаленай зямлі" стала знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. За гады акупацыі (1941 – 1944 гг.) гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый.

Тысячы вёсак былі вынішчаны, людзей забівалі, гналі ў лагеры смерці або фашысцкую няволю. Карныя аперацыі вялі службы бяспекі вермахта, падраздзяленні СС і паліцаі. Асаблівай жорсткасцю вылучаўся батальён СС, якім камандаваў былы крымінальнік, эсэсавецДзірлевангер.

План «Ост» у дзеянні (4 Мб)
Спальванне вёсак (0.6 Мб)

Карныя аперацыі супраць партызан і насельніцтва Беларусі гітлераўцы праводзілі з першых дзён акупацыі. У ліпені 1941 г. паліцэйскі полк «Цэнтр» арганізаваў карную акцыю ў Белавежскай пушчы і прылеглых да яе раёнах, у ходзе якой знішчыў многія населеныя пункты. У жніўні часці 221-й і 286-й ахоўных дывізій правялі карныя аперацыі ў раёне Івацэвічаў і каля Лепеля, а падраздзяленні 162-й і 252-й пяхотных дывізій – у Багушэўскім раёне. У данясенні аб выніках аперацый у раёне Багушэўска гітлераўцы пісалі, што расстралялі 15 788 чалавек грамадзянскага насельніцтва. Тады ж нацысты спалілі вёскі Галашчакіна, Засценкі, Спругі, Навязкі, Цесны і інш.

Беларусь 1941-1944 гг. Гітлераўцы спальваюць беларускія вёскі

Беларусь 1941 г. Носьбіт "новага парадку"

Беларусь 1941-1944 гг. Гітлераўцы спальваюць беларускія вёскі

1943 год характэрны правядзеннем буйнамаштабных акцый "уціхамірвання" з выкарыстаннем матарызаваных падраздзяленняў, танкаў, авіяцыі. Фашысты па-зверску распраўляліся з мірным насельніцтвам, захоплівалі жывёлу, збожжа, рабавалі маёмасць, прымусова адпраўлялі працаздольнае насельніцтва на катаржныя работы ў Германію. Тых, хто застаўся, спальвалі жывымі або расстрэльвалі. Знішчалі пабудовы, ператвараючы цэлыя раёны ў "зону пустыні". У час карнай аперацыі пад кодавай назвай «Котбус» у маі – чэрвені 1943 г. у Мінскай, Вілейскай і Віцебскай абласцях фашысты спалілі дзесяткі вёсак, знішчылі каля 10 тысяч чалавек і больш за 6 тысяч чалавек вывезлі ў Германію. Яны не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей, ні старых. У ліпені – жніўні 1943 г. карнікі правялі на тэрыторыі Карэліцкага, Навагрудскага, Іўеўскага, Валожынскага, Стаўбцоўскага і іншых раёнаў аперацыю «Герман». Яна была адметнай тым, што разам з масавым забойствам людзей і спальваннем вёсак гітлераўцы ў вялікай колькасці вывозілі рабочую сілу ў Германію, у тым ліку шмат дзяцей.


Беларусь 1944 г. Іх хату спалілі
гітлераўцы

Беларускія сіроты. Іх бацькоў знішчылі фашысты

У асенне-зімні перыяд 1943/44 гг. правядзенне тактыкі "выпаленай зямлі" разгарнулася найбольш шырока. У апошні перыяд фашысцкай акупацыі роля гітлераўскага вермахта ў ажыццяўленні палітыкі татальнага спусташэння акупіраванай тэрыторыі праявілася ў стварэнні спецыяльных каманд падпальшчыкаў. Яны павінны былі пры адыходзе фашысцкіх войскаў праводзіць поўнае спусташэнне пакінутай тэрыторыі. Насельніцтва знішчалася або вывозілася ў Германію. Адным з асноўных прыёмаў і спосабаў ажыццяўлення палітыкі татальнага спусташэння і "выпаленай зямлі" было масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. Гітлераўцы звычайна зганялі людзей у адну хату, хлеў або гумно, зачынялі наглуха, а затым падпальвалі. Так за некалькі дзён да вызвалення Беларусі была спалена вёска Дальва Лагойскага раёна.

У зоны пустыняў ператвараліся цэлыя раёны Беларусі.

Карныя аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі ў 1941 – 1944гг.
Граніцы СССР пададзены на 22 чэрвеня 1941 г., граніцы замежных дзяржаў – на 1 сакавіка 1938 г. [7, c. 254]

Беларускі народ не змірыўся з фашысцкай акупацыяй. Першыя партызанскія атрады ў Беларусі дзейнічалі ў тыле ворага ўжо ў чэрвені – ліпені 1941 г. Мужна, па-геройску, не шкадуючы сіл і жыцця, яны грамілі ворага. Да лістапада 1942 г. партызанскі рух на Беларусі стаў масавым. Да канца 1943 г. партызаны пачалі выцясняць акупантаў не толькі з асобных вёсак, але і цэлых раёнаў; яны кантралявалі 60% тэрыторыі Беларусі. Ведучы бесперапынныя баі, партызаны выратавалі многія тысячы мірнага насельніцтва ад смерці і фашысцкай няволі. Дзеянні партызан пагражалі нямецкай абароне на ўсходнім фронце, негатыўна ўплывалі на пастаўку воінскіх рэзерваў, адцягвалі ўвагу ўзброеных сіл вермахта.

У барацьбе з партызанамі фашысты шырока выкарыстоўвалі і карныя атрады з тых, хто здрадзіў Радзіме і перайшоў на бок узброенага праціўніка, адкрыта супрацоўнічаў з гітлераўцамі. Нягледзячы на тое, што ім абяцалі розныя прывілеі і дабрабыт, такіх было няшмат у параўнанні з тымі, хто, рызыкуючы жыццём, прымаў непасрэдны ўдзел у партызанскім руху або дапамагаў яму. Барацьба з партызанамі вялася самымі жорсткімі сродкамі. Загады вышэйшага камандавання дазвалялі прымяняць бязлітасныя метады. А таму, што ваенныя аперацыі супраць партызан часта вяліся ўпустую, дык і няўдачы выдавалі за “поспехі”, спальваючы пры гэтым мірныя вёскі разам з жыхарамі. Трагічным прыкладам можа служыць знішчэнне вёскі Хатынь і яе жыхароў, якая была спалена галаварэзамі 118-га паліцэйскага батальёна, дислоцировавшегося што дыслацыраваўся ў г.п. Плешчаніцы, разам з батальёнам СС «Дзірлевангер», які размяшчаўся ў г. Лагойску.

Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і “выпаленай зямлі” ў Беларусі сталі 2 230 000 чалавек , загубленых за тры гады акупацыі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі.

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead