Трагедыя Хатыні Ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай карце вы не знойдзеце сёння гэтай беларускай вёскі. Яна была знішчана фашыстамі вясной 1943 года.
Гэта адбылося 22 сакавіка 1943 года. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і абкружылі яе. Жыхары вёскі нічога не ведалі аб тым, што раніцай за 6 км ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону гітлераўцаў і ў выніку нападзення быў забіты нямецкі афіцэр. Але ні ў чым не павінным людзям фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд. Усё насельніцтва Хатыні ад малога да вялікага – старых, жанчын, дзяцей выганялі з хат і гналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падымалі хворых, старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі дзецьмі і немаўлятамі. Сюды прывялі сем’і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх з 9 дзецьмі, Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх з 7 дзецьмі; столькі ж дзяцей было ў сям’і Казіміра і Алены Іотка, самаму меншаму толькі споўніўся год. У гумно прыгналі Веру Яскевіч з сямітыднёвым сынам Толікам. Леначка Яскевіч спачатку хавалася ў двары, а потым вырашыла пабегчы ў лес. Кулі фашыстаў не змаглі дагнаць дзяўчынку. Тады адзін з карнікаў кінуўся за ёю, дагнаў і расстраляў на вачах звар’яцелага ад гора бацькі. Разам з хатынцамі ў гумно трапілі Антон Кункевіч з Юркавічаў і Крысціна Слонская з Камена, якія ў гэты час знаходзіліся ў Хатыні. Ні адзін дарослы не змог застацца незаўважаным. Толькі траім дзецям – Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні і Сашу Жалабковічу ўдалося схавацца ад гітлераўцаў. Калі ўсе жыхары вёскі былі ў гумне, фашысты запёрлі дзверы, аблажылі будыніну саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі ратаваць іх. Пад націскам дзесяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У ахопленым агнём адзенні, апанаваныя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні зажыва згарэлі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16- гадовага ўзросту. Вёска была разрабавана і спалена датла. Дзве дзяўчыны Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч – цудам змаглі выбрацца з палаючага гумна і дапаўзці да леса. Абгарэлых, ледзь жывых, іх падабралі жыхары вёскі Хварасцені Каменскага сельсавета. Але і гэта вёска хутка была спалена фашыстамі і абедзве дзяўчыны загінулі. Жывымі засталіся толькі двое дзяцей – сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі. Разам з іншымі з палаючага гумна выбегла і Ганна Жалабковіч. Яна моцна трымала за руку сямігадовага сына Віцю. Смяротна параненая жанчына, падаючы, прыкрыла сына сабою. Дзіця з прастрэленай рукой праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў з вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу разрыўной куляй. Гітлераўцы палічылі яго мёртвым. Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі - 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы, паранены, апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго параненага сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі.
Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння адзінай скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – «Няскораны чалавек». Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую фашысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяда акупацыі. Сотні такіх трагедый адбыліся за тры гады акупацыі (1941 – 1944) на беларускай зямлі. © 2005 , http://www.khatyn.by/ |