Генацыд беларускага народа За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь неаднаразова станавілася арэнай кровапралітных войн. Кожная з іх пакідала пасля сябе смерць і разбурэнні. Самыя вялікія страты беларускі народ панёс у гады Вялікай Айчыннай вайны. Агульная ідэя вайны супраць СССР і ўказанні па яе падрыхтоўцы і вядзенню былі выкладзены ў дырэктыве № 21 ад 18 снежня 1940 года, якая атрымала ўмоўную назву “Барбароса”. Фашысцкае камандаванне мела намер шляхам “маланкавай вайны” на працягу 8-16 тыдняў захапіць еўрапейскую тэрыторыю Савецкага Саюза і выйсці на лінію Архангельск — Астрахань. У адпаведнасці з гэтай дырэктывай планавалася выкарыстаць амаль усе сухапутныя сілы Германіі, а таксама фінляндскія, румынскія і венгерскія войскі агульнай колькасцю 190 дывізій.
Для нападзення на СССР былі створаны тры магутныя групы – «Поўнач», «Цэнтр», «Поўдзень». Групе арміі «Поўнач» было прадпісана знішчыць савецкія войскі ў Прыбалтыцы і, захапіўшы порты на Балтыйскім моры, уключаючы Кранштат і Ленінград, пазбавіць савецкі флот апорных баз. Група арміі «Поўдзень» была нацэлена на заваяванне багаццяў паўночнага Каўказа, захоп збожжа і нафты. Групоўка нямецкіх армій «Цэнтр» была арыентавана на разгром савецкіх войск у Беларусі з далейшым наступленнем на Смаленск і Маскву. У яе склад уваходзілі дзве арміі (4-я і 9-я), дзве танкавыя групы (2-я і 3-я) – усяго 50 дывізій (у т.л. 9 танкавых, 6 матарызаваных і 1 кавалерыйская) і 2 брыгады. Наступленне групы арміі «Цэнтр» падтрымліваў 2-гі паветраны флот – самы моцны ў нацысцкай арміі. Разам з падрыхтоўкай ваенных планаў рыхтавалася праграма жудасных злачынстваў на тэрыторыі, якая падлягала акупацыі. У 1940 г. быў распрацаваны Генеральны план «Ост» – план, звязаны з адной з галоўных мэт германскага кіраўніцтва — захоп неабходнай для працвітання трэцяга рэйха "жыццёвай прасторы", яе каланізацыя, вызваленне "жыццёвай прасторы" ад "празмернага" карэннага насельніцтва. Адсюль і выцякала стратэгічная канцэпцыя вядзення вайны на Усходзе – вайны знічтажэння. Перамагчы на Усходзе было недастаткова. Неабходна было знішчыць армію, краіну, народ. Гітлер заяўляў: «Мы абавязаны вынішчыць насельніцтва – гэта ўваходзіць у нашу місію аховы германскага насельніцтва... Я маю права знішчыць мільёны людзей ніжэйшай расы, якія размнажаюцца, як чарвякі». 30 сакавіка 1941 г. на нарадзе вышэйшага каманднага саставу вермахта Гітлер падкрэсліў, што ў вайне супраць Савецкага Саюза барацьба будзе весціся "на знішчэнне", што "барацьба будзе моцна адрознівацца ад барацьбы на Захадзе. На Усходзе жорсткасць мяккая для будучыні". У адпаведнасці з генеральным планам «Ост» прадугледжвалася знішчэнне на тэрыторыі СССР і Польшчы 120-140 млн. чалавек. Асноўныя напрамкі гэтай палітыкі былі выкладзены Гімлерам у сакрэтным мемарандуме «Некаторыя меркаванні рэйхсфюрэра CC Гімлера аб абыходжанні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей». Страшны лёс быў прызначаны беларускаму народу. Сярод падрыхтаваных дакументаў плана «Ост» найбольш цынічныя заўвагі і прапановы начальніка аддзела каланізацыі 1-га галоўнага палітычнага ўпраўлення міністэрства па справах акупіраваных усходніх абласцей Ветцэля, згодна з якімі 25% беларускага насельніцтва меркавалася анямечыць, 75% падлягалі знішчэнню.
У ходзе вайны, абапіраючыся на план «Ост», нацысты распрацоўвалі кароткатэрміновыя канкрэтныя задачы па знішчэнню насельніцтва. Матэрыялы такіх распрацовак знойдзены ў дакументах рэйхскамісарыята «Остланд». Згодна з картай-схемай, датаванай 17 лістапада 1942 г., Беларусь ад заходняй яе мяжы да лініі Гродна — Слонім, паўднёвую частку Брэсцкай вобласці, раёны Пінска, Мазыра і астатнюю частку Палесся па лініі Пружаны – Ганцавічы – Парычы — Рэчыца планавалася поўнасцю ачысціць ад мясцовага насельніцтва і пасяліць на ёй толькі нямецкіх каланістаў.
Ва ўсіх буйных гарадах Беларусі фашысты намерваліся стварыць пасяленні для прывіліяваных слаёў нямецкага грамадства. Колькасць мясцовага насельніцтва, якое можна было б пакінуць у гэтых гарадах, вызначалася дакладным разлікам: на кожнага пана "вышэйшай расы" два рабы "ніжэйшай расы". Так, у Мінску і вобласці планавалася пасяліць 50 тысяч нямецкіх каланістаў і пакінуць 100 тысяч мясцовага насельніцтва, у Маладзечне і яго наваколлі – адпаведна 7 тысяч немцаў і 15 тысяч беларусаў, у Баранавічах –10 тысяч немцаў і 20 тысяч мясцовых жыхароў, у Гомелі – 30 тысяч немцаў і 50 тысяч мясцовых жыхароў, у Магілёве і Бабруйску – па 20 тысяч немцаў і 50 тысяч жыхароў. Такія дакументы, як генеральны план «Ост»,«Інструкцыя аб асобых абласцях да дырэктывы № 21 (план "Барбароса")», датаваная 13 сакавіка 1941 г., «Аб ваеннай падсуднсці ў раёне "Барбароса" і аб асобых паўнамоцтвах войск» ад 13 мая 1941 г., «Дванаццаць запаведзей паводзін немцаў на ўсходзе і іх абыходжанне з рускімі» ад 1 чэрвеня 1941 г. і інш. вызвалялі фашысцкіх салдат ад адказнасці за злачынствы і ўзводзілі зверствы ў адносінах да мірнага насельніцтва ў ранг дзяржаўнай палітыкі. 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Да канца жніўня 1941 г. была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі.
Ажыццяўленне нацыстамі палітыкі генацыду беларускага народа пачалося з першых дзён вайны. Расстрэлы і масавыя экзекуцыі набылі велізарныя памеры.
Салдаты і афіцэры вермахта паўсюдна чынілі расправы над грамадзянскім насельніцтвам. Практычнаму ажыццяўленню злачынстваў садзейнічала ідэалагічная апрацоўка салдат вермахта і СС, што праводзілася ў ходзе падрыхтоўкі да агрэсіі супраць СССР. У выдадзенай для асабістага саставу вермахта «Памятцы нямецкага салдата» гаварылася: «У цябе няма сэрца, нерваў, на вайне яны не патрэбны. Знішчы ў сабе жаль і спачуванне – забівай усякага рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары або жанчына, дзяўчынка або хлопчык, — забівай, гэтым ты выратуеш сябе ад гібелі, забяспечыш будучыню сваёй сям’і і праславішся навекі».
© 2005 , http://www.khatyn.by/ | ||||||||||||||||||||||