|
Ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай карце вы не знойдзеце сёння гэтай беларускай вёскі. Яна была знішчана фашыстамі вясной 1943 года.
Гэта адбылося 22 сакавіка 1943 года. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і абкружылі яе. Жыхары вёскі нічога не ведалі аб тым, што раніцай за 6 км ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону гітлераўцаў і ў выніку нападзення быў забіты нямецкі афіцэр. Але ні ў чым не павінным людзям фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд. Усё насельніцтва Хатыні ад малога да вялікага – старых, жанчын, дзяцей выганялі з хат і гналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падымалі хворых, старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі дзецьмі і немаўлятамі. Сюды прывялі сем’і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх з 9 дзецьмі, Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх з 7 дзецьмі; столькі ж дзяцей было ў сям’і Казіміра і Алены Іотка, самаму меншаму толькі споўніўся год. У гумно прыгналі Веру Яскевіч з сямітыднёвым сынам Толікам. Леначка Яскевіч спачатку хавалася ў двары, а потым вырашыла пабегчы ў лес. Кулі фашыстаў не змаглі дагнаць дзяўчынку. Тады адзін з карнікаў кінуўся за ёю, дагнаў і расстраляў на вачах звар’яцелага ад гора бацькі. Разам з хатынцамі ў гумно трапілі Антон Кункевіч з Юркавічаў і Крысціна Слонская з Камена, якія ў гэты час знаходзіліся ў Хатыні.
Ні адзін дарослы не змог застацца незаўважаным. Толькі траім дзецям – Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні і Сашу Жалабковічу ўдалося схавацца ад гітлераўцаў.
Калі ўсе жыхары вёскі былі ў гумне, фашысты запёрлі дзверы, аблажылі будыніну саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі ратаваць іх. Пад націскам дзесяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У ахопленым агнём адзенні, апанаваныя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні зажыва згарэлі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16- гадовага ўзросту. Вёска была разрабавана і спалена датла.
Дзве дзяўчыны Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч – цудам змаглі выбрацца з палаючага гумна і дапаўзці да леса. Абгарэлых, ледзь жывых, іх падабралі жыхары вёскі Хварасцені Каменскага сельсавета. Але і гэта вёска хутка была спалена фашыстамі і абедзве дзяўчыны загінулі.
Жывымі засталіся толькі двое дзяцей – сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі. Разам з іншымі з палаючага гумна выбегла і Ганна Жалабковіч. Яна моцна трымала за руку сямігадовага сына Віцю. Смяротна параненая жанчына, падаючы, прыкрыла сына сабою. Дзіця з прастрэленай рукой праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў з вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу разрыўной куляй. Гітлераўцы палічылі яго мёртвым. Абгарэлых, параненых дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасля вайны хлопчыкі выхоўваліся ў дзіцячым доме ў г. п. Плешчаніцы
Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі - 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы, паранены, апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго параненага сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі.
 |
 |
 |
| І.І. Камінскі |
А. Бараноўскі |
В. Жалабковіч |
Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння адзінай скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – «Няскораны чалавек».
Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую фашысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяда акупацыі. Сотні такіх трагедый адбыліся за тры гады акупацыі (1941 – 1944) на беларускай зямлі.
|