У пачатку 1943 года нацысцкае камандаванне, імкнучыся здушыць нарастаючы партызанскі рух, аб'яўляла ўсё новыя тэрыторыі "бандыцкімі зонамі" і накіроўвала туды карныя экспедыцыі. Студзеньская акцыя "Якаб" скончылася правалам. Да таго ж з усходняга фронту паступалі трывожныя для вермахта весткі: пад Сталінградам апынулася ў акружэнні 6-я армія пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Фрыдрыха Паўлюса. Паводле звестак выведкі, партызанскія атрады пакінулі раён, і карнікі разлічвалі беспакарана правесці гвалтоўную канфіскацыю прадуктаў харчавання ў сялян, якія не жадалі добраахвотна здаваць "падатак" прадуктамі. Так нарадзілася саркастычная назва новай экспедыцыі - "Свята ўраджаю II", якая пачалася 28 студзеня 1943 года.
У перакладзе са старанямецкай мовы слова "Хорнунг" азначае месяц люты. Менавіта гэтае слова было абрана нацыстамі для назвы наступнай карнай аперацыі. Аперацыя "Люты" праводзілася з 8 па 26 лютага 1943 года на тэрыторыі сучасных Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей.
Карныя аперацыі "Свята ўраджаю II" і "Люты" сталі актам масавага тэрору супраць мірнага насельніцтва. Слуцкія вёскі Пераходы, Гондарава, Левішча сталі ахвярамі гэтых спланаваных акцый застрашвання і рабавання, за цынічнымі назвамі якіх хаваліся забойствы мірных жыхароў і папялішчы на месцы дамоў.
Вёска Пераходы знаходзілася за 1,5 км на поўдзень ад Жыліна Броду Першамайскага сельсавета. Перад вайной тут жыў 131 чалавек.
У лютым і снежні 1943 года гітлераўцы забілі 116 жыхароў і спалілі 26 двароў. Доўгі час лічылася, што ў той страшны дзень загінулі ўсе жыхары вёскі. Аднак пазней стала вядома, што некалькім людзям удалося выжыць. Іван Ляневіч, браты Фёдар і Віктар Жураўскія сталі жывымі сведкамі трагедыі. Пасля вайны вёска не адрадзілася. У 1979 годзе на месцы былой вёскі быў насыпаны курган, а жыхарам вёскі Пераходы і населеных пунктаў Бярэзінец, Жылін Брод, Задоўба, Крушнік, Палікарпаўка, Фадзееўка Слуцкага раёна Мінскай вобласці на месцы, дзе да Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася вёска Пераходы, усталяваны помнік — скульптура жанчыны ў жалобе.
Вёска Гондарава размяшчалася за 3 км на поўнач ад вёскі Ціхань Сарогскага сельсавета. Да вайны тут жылі 76 чалавек. 23 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі нацысты знішчылі 60 жыхароў і спалілі 16 двароў. Пасля вайны вёска Гондарава не адрадзілася. У 1974 годзе на магіле ахвяр нацызму была ўсталявана стэла.
Недалёка ад Гондарава знаходзілася вёска Левішча. Перад вайной у ёй пражывалі 63 чалавекі. 23 лютага 1943 года карнікі знішчылі 45 жыхароў і спалілі 12 двароў. У 1982 годзе на месцы былой вёскі ўстаноўлена стэла.
Сёння на месцы спаленых вёсак стаяць курганы, памятныя знакі і стэлы. Яны нагадваюць: геаграфія страт - гэта не проста зніклыя кропкі на карце. Гэта абарваныя жыцці, няздзейсненыя лёсы.
Вёскі Пераходы, Гондарава, Левішча Слуцкага раёна ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" — агульнанацыянальным сімвале трагедыі беларускага народа.
Пакуль у "Хатыні" звоняць званы памяці — гэтыя вёскі працягваюць жыць у гісторыі!
Матэрыял падрыхтавала
малодшы навуковы супрацоўнік Сыч Д. Д.