Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Цягнік Памяці ў Хатыні: Аб'ядноўваючы сэрцы ў памяць аб Вялікай Перамозе

27.06.2025

У юбілейны год Вялікай Перамогі культурна-адукацыйны праект "Цягнік Памяці" сабраў каля 300 удзельнікаў з 15 рэспублік былога Савецкага Саюза. Гэты ўнікальны праект аб'яднаў маладых людзей, якія імкнуцца захаваць і перадаць памяць аб трагічных і гераічных старонках гісторыі.

Праграма праекта ўключае наведванне 15 гарадоў Беларусі і Расіі. Двухпавярховы састаў пачаў свой рух з Брэста, і 24 чэрвеня прыбыў у сталіцу нашай Радзімы. Першым пунктам маршруту стаў мемарыяльны комплекс "Хатынь". Для ўдзельнікаў праекта была арганізавана аглядная экскурсія, падчас якой яны даведаліся пра трагічны лёс вёскі і ўшанавалі памяць 149 загінуўшых мірных жыхароў, сярод якіх палова — дзеці. Візіт завяршыўся ўскладаннем кветак да скульптуры "Няскораны чалавек" і Вечнага агню.

Хатынь вядомая ва ўсім свеце як сімвал трагедыі і памяці. Беларускія ўдзельнікі "Цягніка Памяці" падзяліліся з хлопцамі з іншых краін больш глыбокімі ведамі пра тое, што перажыла іх зямля. Дзіма Арлоў з Чачэрска распавёў пра тое, як нацысты спалілі 14 вёсак у яго раёне і часткова разбурылі яшчэ 84. Летась у Чачэрску адкрылі памятны знак, прысвечаны страчаным населеным пунктам, які стаў месцам правядзення многіх памятных мерапрыемстваў.

Сафія Крывашэева з Магілёва, якая ўжо бывала ў Хатыні, зноў адчула моцныя эмоцыі: "Калі чуеш удары званоў і бачыш велізарныя могілкі вёсак, на вочы наварочваюцца слёзы. Нядаўна я ўбачыла інтэрактыўную карту, дзе кропкамі адзначаны вёскі, спаленыя акупантамі. За гэтым россыпам кропак амаль не відаць нашай Беларусі".

Удзельніца праекта Юлія Свістунова з горада Выцегра Валагодскай вобласці Расіі, які знаходзіцца ў 1150 кіламетрах ад Хатыні, таксама падзялілася сваімі ўражаннямі. У яе краі ішлі кровапралітныя баі на Аштынскiм рубяжы, якія адыгралі значную ролю ў зрыве планаў нямецкага камандавання па стварэнні другога кальца блакады вакол Ленінграда. "Нельга забываць ні пра адзін эпізод вайны, ні пра адно жыццё, загубленае нацыстамі. Гісторыя хлопчыка, які клікаў маму ў апошні момант свайго жыцця, патрэсла мяне больш за ўсё. Для мяне гэта асабліва балючыя гісторыі вайны — страта бацькоў, загубленыя маленькія жыццi, па-зверску закатаваныя мірныя жыхары. Нам цэлае жыццё дадзена, каб памятаць і шанаваць усіх іх", - сказала Юлія.

Праект "Цягнік Памяці" працягвае свой рух, аб'ядноўваючы сэрцы і розумы ў памяці аб Вялікай Перамозе і нагадваючы пра важнасць захавання гістарычнай праўды для будучых пакаленняў.

Фота: Кірыл Стасько.

Экспарт: