У рамках семінара спецыялісты абмяркоўвалі планы па стварэнні сумесных выставачных праектаў, прысвечаных тэме генацыду і захаванню гістарычнай памяці. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням пашырэння экспазіцыйнай дзейнасці, абмену архіўнымі матэрыяламі і фарміравання новых адукацыйных праграм для моладзі.
Супрацоўнікі Дзяржынскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея прадставілі ўдзельнікам мерапрыемства інфармацыю аб трагічных лёсах вёсак Дзяржынскага раёна, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. У перыяд акупацыі пяць населеных пунктаў раёна - Скірмантава, Глухое Пярхурава, Любажанка, Садкоўшчына і Літавец — падзялілі лёс Хатыні. З гэтых вёсак пасля вайны былі адноўлены толькі дзве, тады як астатнія назаўжды зніклі з карты нашай краіны. Больш за 4 тысячы жыхароў раёна змагаліся з ворагам у шэрагах Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах і падполлі. За гады акупацыі ў Дзяржынскім раёне было знішчана больш за 17 тысяч мірных жыхароў.
Праведзены семінар-практыкум стаў важнай пляцоўкай для ўмацавання супрацоўніцтва паміж мемарыяльным комплексам "Хатынь" і раённым музеем, а таксама чарговым крокам у захаванні гістарычнай памяці аб ахвярах генацыду і ваенных злачынстваў. Такія мерапрыемствы дапамагаюць перадаваць праўду пра трагічныя старонкі гісторыі новым пакаленням і падтрымліваць работу па папярэджанні падобных злачынстваў у будучыні.